ЛО́ЕЎСКІ ПРАРЫ́Ў 1920,

прарыў Паўн. атрада Дняпроўскай ваеннай флатыліі (5 кананерскіх лодак, 2 тральшчыкі, 2 пасыльныя судны) праз умацаваны раён праціўніка на Дняпры каля г.п. Лоеў у савецка-польскую вайну 1920. Мэта аперацыі — прайсці ад Гомеля (вусце р. Сож) уніз па Дняпры і забяспечыць пераправу ўдарнай групы 1-й арміі Паўд.-Зах. фронту каля сутокаў Прыпяці і Дняпра. Каб увесці праціўніка ў зман адносна сапраўднага месца прарыву, маракі разам з партызанамі і падпольшчыкамі папсавалі яго лініі сувязі, разведалі праходы, напалі на суседнія польск. гарнізоны, наладзілі несапраўдную пераправу на Пн ад Лоева. Ноччу 2 чэрв. атрад пад агульным кіраўніцтвам каманд. флатыліяй П.І.Смірнова па Сажы ад в. Карпаўка (па рацэ вышэй Лоева) падышоў да Лоева і на світанку з боем прарваўся праз умацаваны раён і ўчастак з разбураным мостам. Пры падтрымцы 57-й дывізіі кананеркі (2 з іх страчаны) дасягнулі вусця Прыпяці каля в. Печкі, дзе адбылася пераправа войск Чырв. Арміі.

Літ.:

Паўловіч Р.К. Баявыя дзеянні Дняпроўскай флатыліі на тэрыторыі Беларусі ў 1919—1920 гт. і ў верасні 1939 г. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1997. № 4.

Р.К.Паўловіч.

т. 9, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)